Настіоў сокі красавік
І бразнуць ныркі на галінах –
Ён множыць скрозь свае правы,
Аб чым паведамяць навіны:
Асьлепіць зь першай паласы
Жалобнай чорнаю асадай
Вынесены па-за радкі
Сэзон марозьлівага ладу.
Месту асьвенчаны дазвол
Зыркімі, вабнымі вагнямі
Дарэшты выйсці зь берагоў –
Зямлю губляю пад нагамі.
Ад валуноў падталых штроф
Імпэт сарвецца згаладнела,
Калі пацягне за крысо
Цяпер падатлівы наедак.
І будзе проста ўсім рукам,
Леглым на зводлівыя плечы,
Вытлумачэньне ашукаць
Абдоймам пожадзі й пустэчы.
Грымнулі поклічна ў званы
Сэрцаў рысхрыстаныя брамы;
У млосным водары вясны
Зямлю губляю пад нагамі.
Тыхне самотнае лагво
Парфумай лашчанай калісьці
І звычка піць даўно ня ўтрох
Не азначае ня быць лішнім.
Уранку звыкла дабрысьці
Да прошчы пеннай дапамогі,
Сябе ўлучыўшы запасным
У сьпіс зьняпомненых анёлаў.
Другі – бясьпечны эшалён,
У попел веру тых, хто з намі,
Ды ўрост устаўшы за сталом
Зямлю губляю пад нагамі.
І захлынецца красавік
Аб гмахі раздрабніўшы квецень,
Што апасьля на медзякі
Зьмяняюць кемлівыя дзеці.
Шпурнуць спагадна мімаходзь
У твань жабруючых прашпэктаў,
Каб праз загноенасьць грахоў
Сплаціць за гоючыя лекі.
Каб бездакорна ачуняць
Ва ўзьведзененым зімой шпіталі,
Дзе ўжо і сьледу не відаць
Зямлю згубіўшых пад нагамі.