ХОЧАЦЦА
“Ня хочацца быць нікім...”
Сл.Адамовіч
Хочацца быць фэміністкай,
Хочацца мець мужчыну,
Мужчыну, які ня кіне,
Хоць яго не падпусьціш блізка.
Мужчыну, які набудзе
“Лэнд Ровэр” альбо “Чэрокі”,
Які несупынна жартуе
І мае вялікі досьвед...
Мужчыну, што ёсьць дваранінам
І будзе рыцарам слаўным,
Але за Айчыну ня згіне
(Няхай гарыць яна гарам).
Мужчыну, зь якім вячэраць
Штораз у рэстарацыі,
А па суботах-нядзелях
Таньчыць да змогі ў “Рэактары”.
Мужчыну, які каханка
Ня будзе зьбіваць нагамі,
Які прынясе чакаляту
І ляжа кахацца з намі.
Мужчыну бяз шкодных звычак,
Мужчыну з домам у Альпах,
Зь вялікім сабакам і з малпай
Улюбёнкамі фэмістак.
Зубы да болю сьцісну,
Не падпускаючы блізка
Ні думкі іншай, ні мысьлі
ХОЧАЦЦА БЫЦЬ ФЭМІНІСТКАЙ!