Хiба на вечар той можна забыцца?
…Сонца за борам жар-птушкай садзiцца,
Штосцi спявае пяшчотнае бор,
Пахне чабор, пахне чабор…
Лёгкiя крокi на вузкай сцяжынцы.
Дзеўчына ў белай iскрыстай хусцiнцы,
Быццам абсыпана промнямi зор.
Пахне чабор, пахне чабор…
Выйсцi б насустрач, стаць i прызнацца.
Вось яно блiзкае, яснае шчасце,
Клiкнуць хацелася голас замёр.
Пахне чабор, пахне чабор…
Год адзiнаццаць, а можа дванаццаць
Сэрца балiць, што не здолеў спаткацца,
Сэрца нязменна хвалюе дакор.
Пахне чабор, пахне чабор…
Час той схаваўся за дальняй гарою,
Здасца хвiлiнай яна прада мною…
Выйду. Гукаю. Маўклiвы прастор.
Пахне чабор, пахне чабор…