Я ведаю, што лісьце ападзе,
Але пакуль ня думаю пра гэта.
І бесклапотным падаецца лета,
І ўжо няма адбою ад надзей.
Непазьбежнасьць восені жыве,
Лёгка зводзіць мары да спакусы,
Адыходзіць, толькі каб вярнуцца,
І сваёй адвечнаю атрутай
Не дае спакою галаве.
Заўтрашняя восень у дзьвярах,
Кожны прычакаў яе па-свойму,
Усіх прымае восень у абдоймы,
Што далей – нікому не вядома,
Хіба, што наступная зіма.
Я ведаю, што прыйдуць халады,
І нават тэрмін ведаю дакладны,
Свой сум да таго тэрміну адкладваю,
Я так раблю ўжо многія гады.