У доме адчынены дзверы
Для ўсіх выпадковых сяброў.
Я ўсё спадзяюся і веру,
Што зойдзе аднойчы любоў.
Мы вып'ем зялёнай гарбаты,
Запалім цяпельца таршэру.
І я ёй зманю, што багаты —
Бо маю надзею і веру.
А пад раньне, пад раньне —
Там дзе зорная ціша —
Нас каханьне, каханьне
Як дзяцей закалыша.
На ружовых аблоках
Нас яно залюляе!
Божа мой, як высока
Я з табою лятаю!
Я зорку начную вартую,
Я мару на яве і ў сне
Як я цябе ўсю замілую,
Як ты замілуеш мяне.
І будзе ў нас ноч мілаваньня
І ў сны нашы прыйдуць з нябёс
Усе, хто памёр праз каханьне
І хто праз каханьне ўваскрос.