Мора гранітныя хвалі,
Ад ветру чырвоныя людзі,
І ты, што мяне кахала
І болей кахаць не будзеш.
Даўнія вежы суровыя
З сухім палыном і ўзлётам,
Сатканыя з нашай любові,
Са скалаў, тугі і журботы.
Якая бязглуздая сіла
Якім акрываўленым раннем
Грані ў іх разбурыла
Разам з нашым каханнем?
А я застаюся, як з богам,
Навекі, навекі закуты
Ў твае пяшчотныя ногі,
Ў гняздо маё, месу, пакуту.
І я ўспамінаю, як кляты,
Скалы колеру перца,
Вуснаў тваіх гранаты,
Сэрца біццё пад сэрцам,
На скуры кропляў каралі,
Ад сонца медныя грудзі...
Кахала мяне ты, кахала...
Не будзеш, не будзеш, не будзеш