Над сонмам гледачоў Вы сьветла панавалі
Самотнаю душой, суперніца жыцьця.
І захлыналі ўсіх пяшчоты Вашай хвалі
І несьлі ў акіян сьвятога забыцьця.
Ад рэўнасьці да Вас сябе губляла мэта,
І рэкі ўсё назад да Вашых ног цяклі,
І перайначыць лёс валадара й паэта
Вы позіркам адным з усьмешкаю маглі.
Згаралі залі ўсе ад воплескаў гарачых,
Паклоньнікі ніжэй схіляліся ў журбе.
І гралі каралеў, манашак і жабрачак,
Ды так і не змаглі сыграць адной сябе.
Шалёны посьпех – хітры пан,
Ды Вы яго перахітралі.
І зоры ў зайздрасьці згаралі
І палатнеў тэлеэкран.