Вольнаму – воля
Вольнаму – воля… Ідзі жа наперад –
Я пагляджу табе ўсьлед,
І ў гэту часіну мне хочацца верыць:
Ты абыйдзеш цэлы сьвет
За ліпеньскім сонцам, пяшчотным і цёплым,
Што кветкай на ўсходзе гарыць…
Ты будзеш шчасьлівы, а я
Паспрабую забыць.
Я адпушчу цябе птушкай на волю
З рашчыненых ветрам дзьвярэй,
Хай тваё сэрца не страціць ніколі
Мужнасьці, мар і надзей.
Дарогі дадуць табе словы для вершаў,
А песьні падорыць вясна,
І ты ўжо не ўспомніш, што я
Засталася адна.
Вольнаму – воля… Што яшчэ трэба
Таму, хто ня здольны чакаць?
Сьветлыя зоры, глыбокае неба,
Шляхі, якіх варта шукаць.
І маняць дарогі нязьведаным шчасьцем,
Уводзячы за далягляд…
Я толькі прашу цябе:
Не азірайся назад.