Машыны грымяць, стракочуць
Альбо паўзуць бясшумна.
Машыны есці ня хочуць,
Машынам ніколі ня сумна.
Ня сыдуцца на параду,
Не абмяркуюць лёсу,
Паслушныя тупа загаду,
Круцяць свае калёсы.
Раны цяплом мы гоім,
Словам, усмешкай любай.
Там, дзе ў нас сэрца жывое,
Ў машынаў дроты і трубы.
Тупасць глухой пакоры
Ці тарскатня чужая.
Машыне не скажаш аб горы,
Машыны не пакахаеш.
Ні босай, ні ў лес, ні ў рэчку –
Толькі дарогай на шынах.
Без кахання парываў вечных
Машынаў родзяць машыны.
Сэрца б'юцца, лякочуць,
Уздым і апад няўпынны.
Ні волі, ні сонца ня хочуць
Толькі адны машыны.
Калёсы ў пякельным руху,
Дзе мозг – чужыя пружыны,
Ня думаць, а слухаць, слухаць –
Пракляцце бяздушных машынаў.