Кожны вечар так бывае –
Надыходзіць сон.
Мружыць вочкі пачынае
Няўмольна ён.
Сьпіце, сьпіце, лялькі-цацкі,
Сьпі, мой кот Максім.
Сьпі, матуля, разам з таткам,
Добрай ночы ўсім.
Сьпяць званкі ў тэлефоне,
У кране сьпіць вада,
Са зьдзіўленьнем пакемоны
Сны свае глядзяць.
Сьпіце, сьпіце, лялькі-цацкі,
Сьпі, мой кот Максім.
Сьпі, матуля, разам з таткам,
Добрай ночы ўсім.
Ля канапы сьпіць газэта,
На сьцяне – партрэт.
Сон пануе, непрыкметна
Паглынуўшы сьвет.
Засынаюць лялькі-цацкі,
Спаць кладуся я.
Сьпіць ужо нарэшце цалкам
Нашая сям’я.