Ой, да за гуменьцам, да за новенькім
Да віно ж маё зеляное (пасьля кожнага радка).
Да парос авёс да зеляненькі.
Да ўнадзіўся конік вараненькі.
Выйшаў-выбег сьлічны панічык,
Выйшаў-выбег да і засьмяяўся:
''А чаго ты, конік, так разгуляўся,
Так разгуляўся, лавіцца ня даўся?
А я ж цябе, конік, сам іспаймаю,
Сам іспаймаю, сядлом асядлаю.
Асядлаю да й паеду.
Да й паеду ў чужую зімачку,
У чужую зімачку да й па дзевачку.
Полем еду, жыта красуе,
Сялом еду, людзі дзівуюць.
Да чый сын едзе, то таму і добра,
А чый зяць будзе, то таму найлепей.