Вясновым вечарам анёлы два
На вежах Фарнага касьцёла
Зайгралі разам вельмі моцна ноту “фа”,
І дождж наклікалі анёлы.
Неспадзявана зграя чорных хмараў
На горад зь неба наплыла.
У Гародні дождж!!!
Яшчэ пасьпеў схавацца нечаканы госьць
У змрочных нетрах “Комплексбанка”,
Як раптам быццам жменю шроту сыпнуў хтось,
І грозна бліснула маланка.
Ратуйцеся, хавайцеся пад стрэхі.
Нікога не шкадуе ён —
У Гародні дождж!!!
Пустое пудэлка ад “Прымы” ціха ляжала сабе,
Яго ўчора з хаты выкінуў мой сусед.
Пустое пудэлка ад “Прымы” цяпер, нібы карабель,
Плыве па рыштоку і марыць убачыць сьвет.
Убачыць вялікі сьвет.
Убачыць цудоўны сьвет...
Сьцяна дажджу няспынна большала,
Нібы крыжацкая навала.
Да ніткі змоклі да апошняе
Ажэшка, Ленін і Купала.
“Батлейка” побач, але хто ж, прабачце,
Гарэлкі помнікам налье?
У Гародні дождж!!!
Найадважнейшага з усіх сабак
У буду загнала непагода.
З нагоды непагоды вельмі ж моцна так
Сумуюць мэр і ваявода.
Здаецца, варта было б сустрэцца,
Але ж ня выйдзеш за парог —
У Гародні дождж!!!
Сумуе загадчыца крамы нумар пяць,
Бо з ранку ў краме нехта рассыпаў соль.
Сумуе вікары з Фары ксёндз Анатоль,
Бо ў хаце забыўся ён свой парасоль.
Па-ра-соль.
Па-ра-соль.
І дождж наклікалі анёлы.