Калі чорнае восені — змрочнае маці —
Зь неба холадам зорныя вочы бліснуць,
Сам-насам не магу доўга высядзець у хаце....
Да Абрама ў карчму мяне ногі нясуць.
Не гані мяне, жыдзе, паслухай, Абрамку,
Забірай усе грошы, адно не гані!
Лепей грай, што ёсьць сілы, аж да самага ранку,
А я сяду ў кутку і зальлюся сьлязьмі.
Мы любілі стаяць зь Ёй у восеньскі вечар
Пад карчэмным вакном, дзе ты скрыпкай зьвінеў.
Ах, дашчэнту згарэлі васковыя сьвечкі
І заснула навек Яна ў белай труне.
Ах, мой мілы жыдок, каб ты ведаў, Абраме:
Не па струнах жалезных ты смыкам дзярэш,
А па вечна ў душы незагоенай ране...
Ты мне граньнем сваім
проста ў сэрцайка б’еш...