Што я сёння ў бары, у зялёнай раскошы,
Дзе зязюля пяе ад відна да відна,
Вінаваты твае светла-русыя косы,
А ты кажаш вясна, вінавата вясна.
Вінаваты твае светла-русыя косы,
А ты кажаш вясна, вінавата вясна.
Што ізноў я іду салаўінаю сцежкай,
Дзе бярозы, ракі плынь святлее да дна.
Вінавата твая таямнічая ўсмешка,
А ты кажаш вясна, вінавата вясна.
Вінавата твая таямнічая ўсмешка,
А ты кажаш вясна, вінавата вясна.
Што пакінуць гатоў назаўсёды свой горад
І пайсці за табой, дзе шуміць збажына,
Вінаваты жывы срэбразвонны твой голас,
А ты кажаш вясна, вінавата вясна.
Вінаваты жывы срэбразвонны твой голас,
А ты кажаш вясна, вінавата вясна.
Што з’ядналі навек нас маёвыя ночы,
Даль нязнаных дарог перад намі адна.
Вінаваты твае ясназорыя вочы,
А ты кажаш вясна, мо, і праўда, вясна.