Па беларускім бітым шляху,
Б'ючы ў кайданавы званы,
Брыдзе чужынец, а з ім побач
Хто?
— Беларускія сыны!
У беларускім вольным краі,
З ярэмнай збрыўшы стараны,
Царыць чужынец, а ў паслугах
Хто?
— Беларускія сыны!
Над беларускай беднай хатай,
Як полка вырвана з труны,
Вісіць чужы сцяг, а трымае
Хто?
— Беларускія сыны!
У Беларусі спеў чужацкі,
Як над касцямі грутаны,
Крумцяць чужынцы, а іх складам
Хто?
— Беларускія сыны!
На беларускім буйным полі
З вясны да новае вясны
Растуць крыжы, а пад крыжамі
Хто?
— Беларускія сыны!
1919