Бегла старожа з поля чыстага,
З поля чыстага ды шырокага.
Як ударыла ў вараты кап’ём,
У вараты кап’ём, у дубовыя.
Гэй, ты, маладзец, ці ты спіш-ляжыш,
Ці ты спіш-ляжыш, забаўляешся?
Не сплю, не ляжу, стружачкі стружу,
Стружачкі стружу, кап’ё малюю.
Кідай маляваць, едзем ваяваць,
Едзем ваяваць, сясцёр вызваляць.
Тваю дзеваньку татары ўзялі,
Татары ўзялі, ў палон павялі.
Я тых татароў пасяку мячом,
Пасяку мячом, пакалю кап’ём.
Сваю дзеваньку дамоў прывяду,
Дамоў прывяду, жонкай назаву.