Словы Янкі Купалы
Хрыстос васкрос!... Усюды радасьць,
Усё глядзіць смялей, сьвятлей
Вялікі Мучальнік, здаецца,
Абняў ўсіх ласкаю Сваёй.
Прыпеў:
Алле-лю-я! Алле-лю-я!
Хрыстос васкрос,
Алле-лю-я!
Хрыстос васкрос!... Неўгамонна
Плыве па нівах, пушчах клік,
Плыве адна сьвятая думка
З канца ў канец, як сьвет вялік.
Хрыстос васкрос! - пяе сялянін
З сваёй убогаю раднёй,
Забыўшы песьні аб прадвесьні,
Забыўшы ўсё ўсёй душой.
Хрыстос васкрос! - пяе сіротка,
Слуга, таптаная людзьмі,
Пяе ў чужыне падарожны,
Забыты бліжнімі сваймі.
Хрыстос васкрос! - пяюць і тыя,
Хрыста згубіўшыя сыны,
Што ўціхамоўку куюць путы
Для нашай беднай стараны.
Хрыстос васкрос!... К Табе, о Божа,
І я ў дзень гэты просьбу шлю:
Хай Беларусь, мая старонка,
Ускрэсьне к вольнаму жыцьцю!