Змрок ляжыць навокал, як гушчар лясны,
Да сьцямнелых вокнаў надыходзяць сны.
Спаць усім належыць на зыходзе дня
Недзе ў Белавежы дрэмле зубраня,
Недзе ў Белавежы дрэмле зубраня.
Між галін кашлатых у сваім дупле
Сьпяць ваверчаняты ў цішыні, у цяпле.
І крыклівай сойцы, што ў гнязьдзечу сьпіць,
Аж да ўсходу сонца дзетак не будзіць,
Аж да ўсходу сонца дзетак не будзіць.
За вакном мільгае зорак карусэль,
Ён табе міргае, зорны карабель.
Сьпяць у лузе краскі, ты чаму ня сьпіш?
Можа сёньня ў казку ў сьне ты паляціш,
Можа сёньня ў казку ў сьне ты паляціш.