Дарагія мінчане і госьці сталіцы
Я хачу з вамі думкай сваёй падзяліцца
Карацей, гэта дзіўна, але s'est la vie:
Мы ў сталіцы жывем нібы на дзьве сям'і
Рэфрэн:
Мы жывем адначасова ў двух гарадах
Падваеньне асобы зрывае нам дах.
Дык няўжо ж нам ніколі ня ськлеіць, ня сшыць
Менск і Мінск — дзьве паловы сталічнай душы.
Горад Менск — першы горад з тых двух гарадоў,
Не пабачыш на мапах сучасных гадоў
Ён у сэрцы жыве, ён жыве ў галаве
Шмат каго, хто ў горадзе Мінску жыве
А ў тым Мінску прапіска і гарвыканкам
Лядовы палац і бэтонны паркан,
Зруйнаваных дамоў цені прывідныя
І дзяцінства майго праляцелыя дні.
Рэфрэн
Ёсьць у Мінску назовы бязрадасныя
Ёсьць Калектарная, а ёсьць Базісная.
Тут народ забясьпечвае правільны наш
Выкананьне задачы пастаўленае...
А па Менску прыемна шпацыраваць,
Дробных крамак вітрына ўтульна гараць.
Там гатычныя вежы касьцёлаў старых,
Там дахоўка і брук, там двары і муры...
Рэфрэн
Усё блытаецца
У Мінску — хлеб і маца,
І Вялікі Кастрычнік і Радаўніца
І пьяная сьляза, і такая папса,
Што ратунку ня дасьць ні мізім, ні упса.
Ну, а з Менскам нічога ня можна зрабіць —
Немагчыма яго зруйнаваць, захапіць,
Ён ніколі, твой Менск, не згніе, ня згарыць,
Будзе мовай тваёй з табой гаварыць.