Нябёсы – акіян, я знаў даўно –
Блакітны, неабсяжны, першародны,
А ўсё, што зорам на зямлі відно,
Ні больш ні менш як сьвет яго падводны.
Тут - водарасьці пушчы векавой,
Бялявых хмар, вятроў бясконцых плыні,
Спрадвечных гор застыўшыя вяршыні,
Усё яго – да хваль, што пада мной,
Дзе акіян разлёгся Атлантычны...
Тут сьвет другі: і глыбіня, і мель,
І ёсьць прастор, ня меншы за касьмічны,
Для хваль салёных ростам з карабель.
Я - трэці сьвет, я кропелька малая
Тых сьветаў двух – звычайны чалавек,
Што неба і зямлю ў сабе зьмяшчае
І ў сьвет адзін злучае іх навек.