У гушчарах
(М. Шчаглоў-Куліковіч, Н. Арсеньнева)
У гушчарах, затканых імглою,
Шэрым змрокам, на зорку зару
Ахвяруем табе мы сабою
Кожны дзень, кожны час, Беларусь.
І няма ў сэрцы жалю ды страху,
Мы адвагай юнацкай гарым,
Беларусь, наша родная Маці,
Толькi ты нас вядзеш да зары.
І мы верым яна разгарыцца
Стане зноў над краінаю дзень
Бо ня стане змагар, не скарыцца
У няволі ніколі, нідзе.
Хмарай дым над аблогамі тае,
Вецер дыхае мятай, быльлём.
Беларусь, Беларусь залатая,
За цябе, за цябе мы ідзём!