Мой Беластоцкі край — мая Айчына!
З табою звязаны мой лёс і доля.
Люблю лясы твае, люблю даліны,
Кахаю шчыра бацькаўскае поле.
Калышашся ў напевах песні роднай
І мыеш твар у промнях залацістых,
І толькі тут я поўнасцю свабодны,
І толькі тут душой заўсёды чысты.
Сямяцічы і Гайнаўка, і Бельск старынны,
Саколка ціхая, зялёная Дуброва,
Любоў да вас — мая адвечная павіннасць
І вернасць матчынай спрадвечнай мове.
Шасціць калоссе у палях шырокіх,
Бурліць крыніца песняю адвечнай,
Звініць нядзельны звон з царквы далёкай,
На роднай Беласточчыне я вечны.
Зямля мая, мой беларускі краю,
Над Нарваю, над Бугам задуменным
Я вольны тут, душой адпачываю,
Мой краю вечны, краю незаменны.