Цэпеліны ў небе,
Неба ў цэпелінах.
Яны плывуць між аблокаў
Пагрозьліва і павольна.
Гэтак сама павольна
Цягнуцца іхнія цені,
Зазіраючы проста ў вокны,
Аблізваючы пабудовы.
Пілёты маўклівых машынаў
Сядзяць у жалезных кабінах,
Цесных ды няўтульных,
Болей падобных на карцэр.
Фосфар прыборных дошак
Блішчыць у зялёным паўзмроку.
Паветра пахне іржою
Ды гарэлай плястмасай.
Пілёты сядзяць нерухома.
На іхных чорных камбэзах
Срэбрам блішчаць адзнакі
Невядомае краіны.
Іхнія твары пакрытыя
Тонкім празрыстым лёдам.
Дужкі ад мікрафонаў
Крывяцца, быццам усьмешкі.
Зашклянелыя вочы позіркам
Роўным ды неадрыўным
Глядзяць на зорку Вэнэру,
Якая ўзышла над зямлёй.