Дарога партызанская,
балоцістая, гразкая,
ні ўзлесся, ні прасвета,
ні зоркі ў вышыні.
Глядзім мы на дарогу:
будзь ласкавейшай троху!
Лес родны, весялей нам прашумі!
Дарога або сцежка,
дзе зверу ступаць цяжка,
ці проста бездарожжа,
дзе не ступаў і звер.
Ідзём мы бездарожжам.
Мы не ісці не можам.
Не можам спатыкацца мы цяпер.
Што ў змроку нас чакае?
Ваўкоў галодных зграя?
Варожая засада –
ваўкоў двуногіх раць?
Ды мы ідзём лясамі,
ідзём і знаем самі,
што не сябе – Радзіму
нам трэба ратаваць.
Гаі дзе салаўіныя?
Усе куткі савіныя
ды сцежкі ўсе звярыныя,
глухія гушчары.
І вось за ўсё за гэта
мігне нам даль прасвета,
заззяе раптам зорка ўгары.