Цішыня на белым свеце,
Крэкчуць сонныя лясы.
Па бярлогах спяць мядзведзі,
Ткнуўшы ў цёплы мох насы.
I заплюшчыў певень вочы,
Спіць на жэрдцы да зары.
Спіць варона,
Ды не хоча
Спаць у рэчцы ёрш стары.
Там, дзе броды-перакаты
Бачыць месячык з бугра,
Непаседы-зайчаняты
Грэюць лапкі ля кастра.
Лістападу на вятрах
Страх як хо-лад-на!
I малодшы зайка-зух
Лапкі выцер аб кажух.
Зняў з агню ён імбрык шпарка
I заўважыў на бягу:
— Надта ж пахкая заварка
З лугавога мурагу!
А старэйшы даўгавухі
Снег з хваста абтрос няўзнак,
Ледзь патыліцу пачухаў
I прычмокнуў толькi:
— Так!..
А за рэчкай,
Дзе лугі,
I стагі, i мурагі,
Канюшына, як маліна,
Ды яршыная рака
Не стаіць ані хвіліны —
Ані кладкі, ні мастка.
Ані кладкі, ні мастка,
Ды яршыная рака.
Не любіў Мароз хваліцца,
Шапку зняў і рукавіцы
I кажух павесіў новы
На трывалы сук альховы.
Тук-тук-тук! Цюк-цюк-цюк!
Навакола стук і грук.
Мае Дзед Мароз занятак —
Будзе мост у зайчанятак.
У зайцоў настрой адменны,
Расступаюцца кусты,
Бо з-за рэчкі носяць сена
I гатуюць чай густы.
Хто азяб, частуюць сёння
Шчодрыя гаспадары.
I зайздрослівай вароне
Кубак налілі —
Бяры!