Вецер Радзімы (Максім Танк)
Ты знаеш вецер cваёй Радзімы –
Не безыменны там вецер нейкі,
А той, што вее начлежным дымам,
Шуміць чаротам, звініць жалейкай.
Які антонаўкі атрасае,
Які рыбацкія любіць снасці
І, клямкай бразнуўшы, расчыняе
Па-гаспадарску ўсе дзверы насцеж?
Не заўважаеш яго ты часам,
Клянеш, калі табе дакучае,
У вушы свішча, запалкі гасіць,
Сячэ залевай, след замятае.
Але затое ўдалі ад дому
Як ты сумуеш па ім заўсёды,
Як прагна слухаеш гул знаёмы,
Як ловіш вуснамі родны подых!